ФАРМАЦЭЎТЫ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна медыцынскай прамысловасці, прадпрыемствы якой вырабляюць лекавыя сродкі. Асн. прадукцыя — сінт. і фітахім. прэпараты, медыкаменты з расл. сыравіны, вітаміны, ферменты і каферменты мед. прызначэння, антыбіётыкі, кровазаменнікі, гатовыя лекі. Найб. развітая ў ЗША, Японіі, ФРГ, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Швейцарыі.

На Беларусі ў 1996 створаны дзярж. канцэрн па вытв-сці і рэалізацыі фармацэўтычнай і мікрабіял. прадукцыі («Белбіяфарм»), які ўзначальвае работу прадпрыемстваў Ф.п. і мікрабіял. прам-сці. Фармацэўтычную прадукцыю вырабляюць: акц. т-ва «Белмедпрэпараты», Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў, Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў, Гродзенскі з-д медпрэпаратаў, прадпрыемства «Экзон» і інш.

т. 16, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)